СЛА́ЎНЕНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан з ням. фашыстамі па разгроме гарнізона і чыг. ст. Слаўнае Талачынскага р-на Віцебскай вобл. на лініі Мінск—Орша 28 жн. ў Вял. Айч. вайну. Станцыя была важным пунктам для забеспячэння акупац. войск і хуткага перакіду іх да фронту. Ахоўны гарнізон (каля 120 гітлераўцаў) быў узброены мінамётам, станковым і 10—13 ручнымі кулямётамі, аўтаматамі, умацаваны акопамі, меў каля 10 пастоў аховы. Аперацыю праводзілі атрады С.Г.Жуніна (кіраўнік), Дз.А.Кулікова, Г.С.Місніка 8-й Круглянскай партыз. брыгады. У ноч на 28 жн. партызаны падарвалі масты і чыг. палатно з З і У ад станцыі і ў выніку 3-гадзіннага бою зруйнавалі будынкі станцыі, складоў з харчаваннем і фуражом, эшалоны з тэхнікай і інш., падарвалі і знялі рэйкі на працягу 3 км. У выніку С.а., якая адбылася ў самы крытычны момант Сталінградскай бітвы рух на чыгунцы ням. эшалонаў быў прыпынены на некалькі сутак. Гітлераўцы 2 вер. правялі аперацыю помсты: расстралялі 100 жыхароў, гал. чынам жанчын, дзяцей, старых, іх дамы спалілі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 564.
М.У.Філімоненкаў.
т. 14, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)